ВЯЛІКДЗЕНЬ — СВЯТА СОНЦА І ВЯСНЫ
Сцэнарый фальклёрнага свята для дзяцей старшай групы (5 — 6 год)
Праграмны змест: фарміраваць у дзяцей ўяўленні пра народнае свята Вялікдзень; развіваць творчыя здольнасці дзяцей; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных традыцый і абрадаў на аснове актыўнага ўдзелу ў святах і сумеснай творчай дзейнасці з дарослымі.
Матэрыял і абсталяванне: музычная зала прыбрана згодна са зместам мерапрыемства (выявы сонца, птушак, беларускай хаткі, птушынага двора); выстава велікодных яек розных памераў; вялікі муляж велікоднага яйка; музычныя інструменты (бубны, трохвугольнікі, драўляныя лыжкі, маракасы, дудкі); драўляныя дошкі – 2 шт.; драўляныя лыжкі – 2 шт.; яйкі – 10 шт.; драўляныя муляжы яек – 2 шт.; пластмасавы столік; кошыкі – 2 шт.; кошык з пафарбаванымі яйкамі; мультымедыйная прэзентацыя са слайдамі страў беларускай народнай кухні з яек; мультымедыйны экран; камп’ютар; касцюмы Курыцы, Пеўня, Куранят —7 шт.; беларускі нацыянальны жаночы касцюм; дзіцячыя вышыванкі — 3 шт.; аўдыёзапісы беларускай народнай музыкі.
Рэпертуар: карагод “Дачакаліся цяпла”(сл. і муз. Я. Жабко); аркестр “Велікодная песня” (бел. нар. песня); песня-танец «Ходзіць курачка» (сл. і муз. народныя, апрац. В. Сярых); аркестр «Хлапчукi» (бел. нар. Мелодыя “Саўка ды Грышка”); карагод “Гаманкi ручаёк» (песня “Ручаёк”, сл. А. Русака, муз. Ю. Семянякі); танец “Вясеннія вяночкі” (бел. нар. песня “Ой, рэчанька, рэчанька”); карагод “Куточак зямлі”(сл. і муз. Я. Жабко).
Дзеючыя асобы: Гаспадыня, Курыца з Куранятамі, Певень.
Ход мерапрыемства
Музычная зала прыбрана ў выглядзе беларускай хаткі. Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці і бацькі ўваходзяць у музычную залу, іх сустракае Гаспадыня і дзеці ў вышыванках.
Гаспадыня.
Сення ў нашым садзе свята,
Як жа тут гасцей багата!
Усіх на свята запрашаю!
Я сардэчна вас вітаю —
І дарослых, і дзяцей,
І шаноўных усіх гасцей.
Шанаванне добрым людзям!
Хай вам радасці прыбудзе!
1-е дзіця.
Шчыра запрашаем кожнага ў госці,
Хто да нас ні зойдзе — сабе месца знойдзе!
2-е дзіця.
Вялікдзень, Вялікдзень —
Цудоўнейшы дзень!
Як сонейка ўзыдзе,
Адступіцца цень!
3-е дзіця.
Хто ў нядолі,
Хто ў бядзе —
Сонейка да тых ідзе,
Бо шануе нас усіх,
Як дзяцей сваіх.
Дзець разам.
Вялікдзень, Вялікдзень —
Цудоўнейшы дзень!
А. Вольскі
Гаспадыня. Вялікдзень — самае значнае і прыгожае свята ў славянскіх народаў, свята сонца, адраджэння прыроды, надыходу цяпла і больш працяглага дня.
Карагод “Дачакаліся цяпла”
(сл. і муз. Я. Жабко)
Пасля карагода дзеці ў вышыванках сядаюць на свае месцы.
Гаспадыня.
Дзень самы светлы — Велікодны,
Час росквіту ўсёй зямлі.
Каб чалавек быў добры, годны,
Каб мы шчаслівымі былі.
Аркестр “Велікодная песня ”
(бел. нар. песня)
Дзеці іграюць на музычных інструментах: бубны, трохвугольнікі, дудкі.
Гаспадыня. А ці ведаеце вы, што з‘яўляецца адным з галоўных прадметаў на Вялiкдзень? Правільна, яйкі. Хто з вас, шаноўныя, ведае, дзе ў яйка “верх”, а дзе “ніз”? Пакажыце, калі ласка. (Падзыходзіць да вялікага муляжа велікоднага яйка.) Лічаць, што вось гэта частка яйка (паказвае на “тупую” вяршыню), нагадвае круглы купал неба, а ніжняя (паказвае на “вострую” вяршыню яйка) замыкае свет наземны. Вось якое вялікае наша яйка, ад неба да зямлі — цэлы Сусвет! І яшчэ яйка вельмі смачнае. Цікава, сябры, хто з вас больш за ўсіх ведае страў з яек?
Гульня “Хто больш назаве страў з яек”
(з бацькамі)
Бацькам прапануецца назваць як мага больш страў з яек. Гульня суправаджаецца мультымедыйнай презентацыяй: на слайдах дэманструюцца стравы з яек беларускай народнай кухні: яйка варанае, яечня звычайная, яечня з цыбуляй, яечня-баўтанка, яечня з каўбасой, яечня з рыбай, амлет, амлет з павідлай, зацірка, драчона, катлеты з яек, руляда з яйкамі, пярдуты, сялянка, грыбок.
Гаспадыня. А ці ведаеце вы, хто маці яйка? (Адказы дзяцей.)
Наша курка
Моцна квохча,
Знесці нам яечка хоча.
А. Старынчык
Беларуская народная гульня
“Раскруці яйка”
(з дзецьмі)
Двое дзяцей адначасова паддыходзяць да стала, на якім ляжаць 2 драўляныя муляжы яек, кожны бярэ яйка ў руку і раскручвае яго на стале. Перамагае той, чые яйка будзе круціцца даўжэй. Паўтараецца 3 — 4 разы.
Гаспадыня.
Рыжанькія кураняткі
Дружна высыпалі з хаткі.
Сонейкам падзіваваліся
Ды ад мяне схаваліся.
Зазірніце да нас у дом,
Пачастую пірагом!
Ціп-ціп-ціп!
М.Чарняўскі (апрац.)
Гаспадыня робіць выгляд, што сыпіць зерне куранятам. Уваходзіць Курыца з куранятамі – 7 дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту. Курыца трымае кошык з пафарбаванымі яйкамі.
Курыца:
Добры дзень таму,
Хто ў гэтым даму!
Мы прыйшлi ў госцi да вас,
Будзем добра бавiць час,
Жартаваць, гуляць,
Вялiкдзень сустракаць,
Мы спяваем добра песнi
І гасцінчык вам прынеслі.
Гаспадыня. Дзякуй.
Гаспадыня забірае кошык з яйкамі і ставіць яго каля муляжа хаты.
Песня-танец «Ходзіць курачка».
(сл. і муз. народныя ў апрац. В. Сярых)
Курыца садзіць дзяцей-куранят на стульчыкі ў зале.
Курыца: Вось якія малайцы, мае кураняткі, добра я навучыла вас спяваць і танцаваць.
Гаспадыня. Дзякуй вам за прыгожы танец. Заставайцеся з намі, будзем святкаваць ды ў гульні гуляць.
Гаспадыня. Шаноўныя госці, хачу я з вамі пагуляць. Я буду сказ пачынаць, а вы яго працягвайце. Але сказы мае не простыя — гэта прыказкі аб яйках.
Слоўнікавая гульня “Закончы сказ”
(з бацькамі)
Бацькам трэба ўспомніць і прадоўжыць беларускія прыказкі і прымаўкі. Таго, хто больш за ўсіх правільна адказваў, Курыца узнагароджвае яйкам.
Яйка курыцы… (не вучыць).
Разумнейшыя яйцы… за (куры).
Бывае так, што і яйкі… (курыцу вучаць).
Сядзіць, як… (курыца на яйках).
Як з яйца, так і… (да канца).
Дай яечка, ды й… (аблупленае).
Нарадзіла малайца — акурат, як… (яйца).
На сваім яйцы курыца гразі… (не бачыць).
Да году дзіця — як… (яечка), да трох — як… (авечка).
Да пяці год пестуй дзіця, як… (яечка), з сямі — пасі, як… (авечку), — тады выйдзе на… (чалавечка).
Не чакай, каб певень… (яйка знёс).
Носіцца, як… (курыца з яйкам).
Курачка сакочыць… (яечка хочыць).
Курыца сваіх яек не… (лічыць).
З твару яйка, а ўнутры… (баўтун).
Сон мілей… (яечні).
Адно яйка на два снеданні не… (раздзеліш).
Асцярожня, як… (з яйкамі).
Гаспадыня. Добра справіліся!
Карціну такую ўявіце сабе:
Грае мядзведзь «Крыжачок» на трубе.
Сядзіць на пяньку пад сасной і трубіць,
Мелодыя ў небе над лесам ляціць.
І скачуць пад музыку птушкі, звяры —
Сапраўднае свята ў лясным гушчары!
В.Кудлачоў
Мы паслухаем наш аркестр.
Аркестр «Хлапчукi»
(бел. нар. мелодыя“Саўка ды Грышка”)
Дзеці іграюць на музычных інструментах: бубны, дудкі, маракасы.
Гаспадыня. Уваходзьце ў круг!
Скача сонца ў полі,
Больш запалу, болей!
Карагод гуляе
І людзей яднае.
М.Карэм (у перакладзе Э. Агняцвет)
Карагод “Ручаёк»
(сл. А. Русака, муз. Ю. Семянякі)
Гаспадыня.
Вы адкажыце, госцi, мне,
Ці вам добра тут, ці не?
Госцi. Добра!
Гаспадыня.
Мы з адкрытым, шчырым сэрцам
Усіх вас сустракаем!
Караваем, мёдам, песняй
Усіх вас прывячаем!
Я. Жабко, апрац.
Раздаецца пеўневы крык, ганарыста ўваходзіць Певень.
Певень.
Ку-ку-рэ-ку, ку-ку-рэ-ку!
Певунок я, певунок,
Чырвоненькі грабянёк,
Завітаў да вас на свята,
Вельмі я люблю гуляць,
Песні спяваць і танцаваць.
Гаспадыня.
Ты курыны камандзір,
З яркіх пер’яў твой мундзір,
Як табе не ганарыцца –
Хвост вясёлкаю іскрыцца.
З намі Пеўнік, патанцуй,
Пачастункаў пакаштуй!
І. Карпечанка (у апрац.)
Танец “Вясеннія вяночкі”
(бел. нар. песня “Ой, рэчанька, рэчанька”)
Певень: Добра вы танцавалі, але са мной яшчэ не гулялі. Давайце пагуляем у беларускую народную гульню “Перанясі яйка ў лыжцы”!
Беларуская народная гульня “Перанясі яйка ў лыжцы”
(з дзецьмі)
Дзеці дзеляцца на дзве каманды, насупраць кожнай ставяць кошык. Для кожнай каманды падрыхтавана лыжка з драўляным муляжом яйка. Дзеці бяруць яе ў руку, абягаюць вакол кошыка і вяртаюцца назад, аддаюць лыжку з яйкам наступнаму дзіцяці. Пераможцам будзе тая каманда, якая хутчэй справіцца з заданнем і не страціць яйка.
Гаспадыня.
Конкурс пачынаем новы!
Падыходзьце, хто гатовы?
Беларуская народная гульня “Кацілася яйка”
(з дзецьмі)
У гульні адначасова ўдзельнічаюць 2 — 4 дзіцяці. Кожнаму з іх прапануецца скаціць драўляны муляж яйка з нахіленай дошкі так, каб яйка не ўпала на падлогу.
Певень і Курыца: У такое вялікае свята – Вялікдзень — мы прынеслі вам, не прастое яйка, а велікоднае.
Певень і Курыца выносяць вялікі муляж велікоднага яйка.
Гаспадыня. Уставайце ў карагод, усе дружна заспявайце вакол велікоднага яйка.
Усе разам устаюць у карагод вакол муляжа велікоднага яйка.
Карагод “Куточак зямлі”
(сл. і муз. Я. Жабко)
Певень.
Са святам вас Вялікдня!
Жывіце мірна, дружна, згодна!
Няхай святло Святога дня
Вам будзе зоркай пуцяводнай!
Курыца.
Каб радасна было ісці
І твары вашы маладзелі.
Каб вам спрыялі ў жыцці
Заўсёды вера і надзея.
Гаспадыня. Вось і падыйшло наша свята да заканчэння.
Скажам зноў і зноў мы:
Шчасця вам, багацця!
Свята ў кожнай хаце!
Ад рэдакцыі:
Драчона — несалодкі пірог з узбітых яек, смятаны і мукі.
Пярдуты — беларуская назва яйка-пашот.
Сялянка — амлет на смятане з адных жаўткоў.
Грыбок — аналаг шарлоткі.